Конспект урока белорусской литературы 9 классе "Для чего живет человек на земле?

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

ДУА “Сярэдняя школа № 23 г. Барысава”

 

 

Метадычная распрацоўка ўрока

беларускай літаратуры

 

 

 

9 клас

Для чаго чалавек жыве на зямлі?

 

 

 

 

Настаўнік

беларускай мовы і літаратуры

ДУА “Сярэдняя школа № 23 г. Барысава”

   Усава Ю. У.

 

 

 

 

 

 

Мінск 2012

Для чаго чалавек жыве на зямлі?

Мэты: 1) дапамагчы вучням усвядоміць погляд  Я. Коласа на вечнае пытанне пра сэнс жыцця, актуальнасць гэтай праблемы, зразумець яе значэнне,аналізаваць праблему, пастаўленую ў творы, дапамагчы вучням усвядоміць, што Андрэй Лабановіч належыць да ліку тых людзей,хто баіцца змарнаваць жыццё, таму шмат думае над яго сэнсам,правярае на іншых свае высновы, сябруе і нават кантактуе толькі зтымі, хто блізкі па поглядах,хто імкнецца напоўніць жыццё глыбокім сэнсам;

 2) развіваць у вучняў уменне параўноўваць герояў, выяўляць у іх агульнае і рознае ў разуменні сэнсу жыцця, адносін да працы,да жанчын;

 3) выклікаць у вучняў роздум пра сваё прадвызначэнне, арганізаваць сітуацыю выбару і выхавання адказных адносін да асабістага існавання на зямлі праз успрыманне жыцця як найвялікшай каштоўнасці

Абсталяванне: партрэт Я. Коласа, тэкст трылогіі “На ростанях”. Частка I “У палескай глушы”, тэставыя заданні, ліст самакантролю, анкета героя, лесвіца жыцця героя, міні-сачыненне “Што значыць для вас тварыць?”, кластар“Жыццёвае крэда Андрэя Лабановіча”, шэсць капелюшоў мыслення (рэфлексія)

Асноўны метад работы: праблемна- пошукавы

Эпіграф: Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць,-

Тварыць!

  А. Вярцінскі

Ход урока

I. Арганізацыйны момант

Сёння ў нас незвычайны, хвалюючы ўрок. Як ён пройдзе, на якім узроўні,  будзе  залежаць  не толькі ад мяне, але  ў большай ступені ад вас. Я хачу, каб вы сёння былі адкрытымі, сумленнымі, гатовымі да сур’ёзнай гутаркі, бо павядзём мы сваю размову пра сэнс асабістага існавання на зямлі, пра ўспрыманне жыцця як найвялікшай каштоўнасці, якой трэба даражыць, не траціць жыццё на пустое, нікчэмнае , ведаць, для чаго чалавек жыве на зямлі.  Іменна гэту праблему ўзняў у сваёй трылогіі “ На ростанях” Якуб Колас. Пытанне:“ Для чаго чалавек жыве на зямлі?”  хвалюе ўсіх людзей, асабліва надзённае яно для моладзі. У наш час многія жывуць сённяшнім днём, не ўсведамляючы хуткаплыннасці чалавечага быцця.

II.  Пастаноўка мэты і задач, актуалізацыя ведаў

Слова настаўніка

Кожнаму чалавеку падаравана жыццё.Што кожны з вас укладвае ў паняцце “жыццё”? ( пытанне задаецца з мэтай, каб засяродзіць увагу дзевяцікласнікаў на актуальнасць узнятай праблемы)

Складанне сінквейна ( пяцірадковы верш)

1) Жыццё- назоўнік

2) Асабістае, дарагое- 2 прыметнікі

3) Любіць, спачуваць, дапамагаць – 3 дзеясловы

4) Жыццё – гэта бескаштоўны дар. – сказ з чатырох слоў

5) Скарб, дар, каштоўнасць, след,- адзін сінонім да слова жыццё

Вывад: Так, жыццё-гэта самае дарагое, што ёсць у чалавека з самага нараджэння. Імкненне ўсвядоміць, зразумець, у чым сэнс жыцця, сведчыць пра тое, што чалавеку асабліва неабыякава, які след ён пакіне ў людской памяці.

-Як вы лічаце, якія задачы нам трэба вырашыць, каб адказаць на пытанне “ Для чаго чалавек жыве на зямлі?”

Задачы:-Узнавіць веды пра асобу пісьменніка, яго погляд на вечнае пытанне прасэнс жыцця;

-Выявіць пазіцыю Андрэя Лабановіча па праблемным пытанні : “ Для чаго чалавек жыве на зямлі?”

-Параўнаць герояў твора, выявіць іх агульнае, рознае ў разуменні сэнсу жыцця;

-Дзякуючы працы на ўроку, сфарміраваць асабістую пазіцыю пра сваё прадвызначэнне, пра сэнс існавання на зямлі.

III.   Праверка дамашняга задання

Якуб Колас стварае першы ў літаратуры твор вялікага эпічнага плана- сацыяльны раман. У аснову твора быў пакладзены багаты аўтабіяграфічны матэрыял. Тут знайшлі сваё адлюстраванне факты і падзеі з жыцця Я.Коласа на Палессі, дзе ён працаваў настаўнікам ( у в. Люсіна, Пінкавічы), уважліва прыглядаўся да жыцця беларускага народа, вывучаў побыт і звычаі сялянства,настойліва шукаў шляхі да яго лепшага будучага.

Перш чым пачаць працу над творам, паспрабуем узнавіць у памяці тое, што ведаем з папярэдніх урокаў пра асобу аўтара і твор. Гэту работу мы правядзём у форме тэсту.

Тэст “Жыццёвы і творчы шлях Я. Коласа”

1.Кім быў бацька Я.Коласа?

а) арандатарам; в)фурманам;

б) лесніком;   г)настаўнікам.

2. Якое сапраўднае прозвішча Я. Коласа?

а) Колас; в)Міцкевіч;

б) Луцэвіч; г) Раманоўскі.

3. Дзе нарадзіўся Я. Колас?

а) у Альбуці; в) у Ластку;

б) у Акінчыцах; г) у Цімкавічах.

4. Кім па прафесіі быў Я. Колас?

а)пісарам;   в) аграномам;

б) настаўнікам;   г) журналістам.

5. Як звалі бацьку Я. Коласа?

а) Іван; в) Міхал;

б) Дамінік; г) Яўген.

6. Дзе вучыўся Я. Колас?

а) у Маскоўскім народным універсітэце;

б) у БДУ;

в) у Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі;

г) у Пецярбургскім універсітэце.

7. Адзначце самы буйны эпічны твор

а) раман; в) апавяданне;

б) аповесць;   г) паданне.

8. Твор Я. Коласа “ На ростанях” –гэта…

а) дылогія; в) пенталогія;

б) трылогія; г) аповесць.

9.  Як называеццапершая частка трылогіі “На ростанях” ?

а) “ У глыбі Палесся”;   в) “ У палескай глушы”;

б) “На ростанях”;г) “ Лабановіч.”

10. Назавіце галоўнага героя твора

а) бабка Мар’я; в) Ядвіся;

б) Турсевіч; г) Лабановіч

Ключ:

1-б;2-в;3-б;4-б; 5- в;  6-в;7-а;8-б;9-в;10-г.Вучні выконваюць самаправерку і выстаўляюць сабе адзнаку ў ліст самакантролю.

IV. Падрыхтоўка да ўспрымання новага матэрыялу

Настаўнік: у тэсце былі пытанні, звязаныя з паняццямі “раман” і “трылогія”, давайце яшчэ раз узнавім веды прагэтыя паняцці .

Адказы вучняў:Раман- адзін з відаў эпічнай,  апавядальнай літаратуры,- твор, які адлюстроўвае складаны жыццёвы працэс, вялікі круг  з’яў, паказаных у іх развіцці.

Трылогіяй называецца тры літаратурных творы драматычнага або апавядальнага характару, аб’яднаных адзінай задумай аўтара.

V. Знаёмства з новым матэрыялам

Настаўнік:сёння мы працягваем вывучэнне аднаго з першых раманаў у беларускай літаратуры- трылогіі  Я. Коласа “ На ростанях”. Дома вы пазнаёміліся з 1 часткай “У палескай глушы”.  Якуб Колас у трылогіі выказаў сваю пазіцыю наконт вечнага пытання “Для чаго чалавек жыве на зямлі?”

-А як вы разумееце выраз: “ Жыццё даецца, каб жыццё тварыць. Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць,- Тварыць!”(звяртаемся да эпіграфа, слухаем адказы вучняў).  А зараз паспрабуем параўнаць разуменне сэнсу жыцця бабкай Мар’яй , Турсевічам, Саханюком, самім Лабановічам; выявім пазіцыю Я.Коласа.

-“Для чаго чалавек жыве на зямлі?”- пытанне, з якім Андрэй  Лабановіч звяртаецца то да аднаго, то да другога персанажа.Давайце складзём анкету героя – Андрэя Лабановіча.

Анкета героя

1.   Імя

2.   Узрост

3.   Адметнасць твару

4.   Нацыянальнасць ці сацыяльны статус

5.   Дзе, кім працуе?

6.   Станоўчыя рысы характару

7.   Адмоўныя рысы характару

8.   Захапленні

9.   Самая драматычная сітуацыя ў жыцці

Вучні выстаўляюць сабе адзнаку ў ліст самакантролю

Настаўнік: Лабановіч добра  ўсведамляе хуткаплыннасць жыцця, не хоча яго пражыць дарэмна.Для таго, каб грунтоўна даць адказ на пастаўленае праблемнае  пытанне, я прапаную вам запоўніць лесвіцу жыцця героя.

2. Лесвіца жыцця героя

Лабановіч

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 


Настаўнік: зараз Лабановіч знаходзіцца на  першай прыступцы лесвіцы.Ён ведаее адказ на хвалюючае пытанне? (Не). Мы зможам  адказаць на праблемнае пытанне з дапамогай герояў, з якімі гутарыў галоўны герой, каб знайсці сваёпрадвызначэнне ў жыцці.

- Да каго першага з герояў звярнуўся малады настаўнік з пытаннем: “Для чаго чалавек жыве на зямлі?”

Адказы вучняў:найперш пра сэнс жыцця ён пытаецца ў старожкі бабкі Мар’і, прытым ён паўтарае сваё пытанне двойчы. (Яе мы паставім на першую прыступку лесвіцы). Юнаку цікава ведаць, як на гэта філасофскае пытанне адкажа непісьменная сялянка, якая славіцца на ўсё Палессе сваім умельствам дапамагаць людзям. Бабка Мар’я ўхілілася ад прамога адказу. Разам з тым яна выявіла  ў сваіх разважаннях пазіцыю чалавекка, які, з аднаго боку, адчувае моцную сувязь з прыродаю, а з другога - хрысціяніна: “ Чалавек, як дрэва: жывём, покі жывецца, бо жывы ў землю не палезеш, прыйдзе смерць, тады і пахаваюць”, “жыве чалавек жыве, покуль яму Бог прызначае”.

Бабка Мар’я не ўхваліла заглыбленасць настаўніка ў такія складаныя праблемы. Старожка скіроўвае ўвагу Лабановіча на разнастайнасць і хараство жыцця, яна загаварыла пра маладых дзяўчат, якія ёсць у вёсцы Цельшына і якімі, на яе думку, павінен цікавіцца яе паніч.

Лабановіч прыйшоў да высновы, што большасць людзей не задумваецца над праблемаю сэнсу жыцця, а калі і думае, то знайсці адказ ім не так проста і лёгка. Як бачым, малады настаўнік, падводзячы вынікі гутаркі са старой паляшучкаю пра сэнс жыцця, гаворыць ад множнасці, што падкрэсліваецца займеннікам “мы” – многія і я ў тым ліку.

Настаўнік:  з пытаннем пра сэнс жыцця Андрэй Лабановіч звярнуўсяі да свайго сябра, таксама настаўніка, якога вельмі паважалі, да якога прыслухоўваліся. Назавіце прозвішча настаўніка.( Турсевіч). Яго мы паставім на другую прыступку лесвіцы. Як адказаў Турсевіч на пытанне Лабановіч?

Адказы вучняў: пытанне было нечаканым для Турсевіча.Ад свайго

і сябра Лабановіч пачуў: “Чалавек жыве дзеля дабра,для служэння праўдзе, каб стварыць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых.”

Такі адказ не задаволіў цельшынскага настаўніка. Лабановіч не прымае меркаванне сябра. Ён са сваіх назіранняў  лічыць сваю выснову ўніверсальнай: “Жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей выбудзіць карыснага і прыемнага для сябе”.

Настаўнік:хто ж з двух маладых людзей мае рацыю?  Які адказ на гэта пытанне дае Якуб Колас? Давайце прыгледземся да тых герояў, у асяроддзі якіх жыве Лабановіч у Цельшыне. Выснова, здаецца, зроблена галоўным чынам з хатовіцкага настаўніка. Назавіце яго прозвішча.( Саханюк). Яго мы паставім на наступную прыступку лесвіцы.Што дляяго значыць сэнс жыцця?

Адказы вучняў:для Саханюка сэнсам жыцця з’яўляецца матэрыяльны дабрабыт, мець жонку-прыгажуню.

Настаўнік:гэты персанаж не выклікае асуджэння. Тым не менш, ні Лабановіч, ні аўтар, ні чытач не ставяцца да Саханюка з сімпатыяй.Чаму? Як дасягнуў хатовіцкі настаўнік са свайго сціплага жалавання такога- сякога дастатку?

Адказы вучняў:па- першае,нават за напісанне ліста не самромеецца браць сала, па –другое, Саханюк не ўлягае ў работу, Лабановіч мог  у гэтым неаднойчы пераканацца. Пры першым візіце да Саханюка цельшынскі настаўнік знаёміцца з журналам свайго калегі. І хоць даўно павінны былі пачацца заняткі, Саханюк не вельмі далёка рушыў наперад са сваімі вучнямі ў авалоданні вучэбным матэрыялам.

Быў яшчэ адзін выпадак. На гэты раз цельшынскую школу наведаў Саханюк.Лабановіч,які аддаваў усяго сябе школе, вельмі хацеў пачуць думкі калегі пра поспехі сваіх вучняў. Пераканаўшыся, што цельшынскія вучні добра падрыхтаваныя, пачуўшы ад калегі, што ён шмат працуе, Саханюк пачаў павучаць маладога настаўніка: “ Э, плюньце вы на гэта. Навучылі чытаць, пісаць, задачы развязваць, і – шабаш! Вы думаеце медалёў заслужыце? Або свет гэтым перавернеце? Інспектар знойдзе, да чаго прычапіцца. Ну, у самым лепшым выпадку падзяку напіша, а дырэкцыя вам дзесяць рублёў вышле. Але сваё здароўе даражэй”.

Настаўнік: у чым пераканаўся Лабановіч пасля першага знаёмства з хатовіцкім настаўнікам ?

Адказы вучняў:у асобе Саханюка ён не будзе мець для сябе настаўніка, і тут жа зазначыў, што супольнага паміж імі вельмі мала і што блізкімі сябрамі яны ніколі не будуць”

Настаўнік:каго б з герояў мы не ўзялі, яны жывуць па формуле Лабановіча:атрымаць найбольшую асалоду для сябе ад жыцця. Возьмем хоць бы памочніка пісара. Назавіце яго прозвішча. (Дубейка). Гэта наступны герой, які трапляе на лесвіцу жыцця? Што з’яўляецца сэнсам жыцця для гэтага героя?

Адказы вучняў:яго ідэал – пасада пісара, выпіўкі, карты, поспех у жанчын.

Настаўнік:чаму Лабановіч не прымае тых, хто жыве, здавалася б, па ўсвядомленым ім самім законе?

Адказы вучняў:справа тут найперш у тым, што ў Лабановіча сваё, іншае ўяўленне пра тое, што з’яўляецца карысным і прыемным менавіта для яго, чым, скажам, для Дубейкі, Саханюка, Турсевіча і іншых.

Настаўнік:такім чынам, мы зараз павінны адказаць на праблемнае пытанне. Паспрабуем акрэсліць жыццёвае крэда А. Лабановіча праз кластар-схему.

3. Кластар-схема

патрыятычны:   прафесійны:

у яго добра развітапачуццё   з вялікай адказнасцю ставіўся

абавязкуперад народам і да заняткаў у школе

Радзімай

Абавязак

 

духоўны (маральны):

унутраная патрэба пошуку,страх перад духоўнай смерцю.

Настаўнік: якую выснову зрабіў для сябе малады настаўнік, які адказ знайшоў на праблемнае пытанне, выслухаўшы ўсіх герояў, якія былі пастаўлены намі на лесвіцу жыцця?

Адказы вучняў:заўсёды быць у духоўным пошуку,не пайсці дарогаю сваіх калег, не прымаць іх ідэалы і спосабы іх рэалізацыі, імкнуцца выканаць сваё чалавечае прадвызначэнне, быць карысным свайму народу і Радзіме.

Настаўнік: такім чынам, мы бачым, што жыццёвае крэда А. Лабановіча супадае  з жыццёвай пазіцыяй Я. Коласа, што з’яўляецца асновай для самаўдасканалення, духоўнага ўзбагачэння кожнага.

Вучні выстаўляюць сабе адзнаку ў ліст самакантролю.

Творчы адпачынак ( замалёўкі Палесся на фоне музыкі “ Жураўлі на Палессе ляцяць) Заданне: праспяваць працяг песні.

VI.   Замацаванне вывучанага на ўроку

Ітак, мы вызначылі жыццёвыя пазіцыі  галоўнага героя твора  і аўтара Я.Коласа па праблемным пытанні: “ Для чаго чалавек жыве на зямлі?” А зараз мне хочацца даведацца, якую жыццёвую пазіцыю займаеце вы. Для гэтага я папрашу вас напісаць міні-сачыненне на  тэму: “ Што значыць для вас тварыць?” (Звярнуцца да эпіграфа )

Зачытванне міні- сачыненняў вучнямі і карэкцыйная работа. А зараз звернемся да ўсяго верша А Вярцінскага “ Жыццё даецца, каб жыццё тварыць” і паглядзім, што аўтар укладае ў паняцце слова “тварыць” .

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Каб светла-залатую яго ніць

віць і далей – любоўю,справай дзейнай

ды словам, што ад справы неаддзелена.

Тварыць!

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

маральны самы, самы натуральны

пачатак гэты вось жыццестваральны

Інакш якая ад яго карысць?
Тварыць!

Жыццё даецца, каб жыццё тварыць.

Не марнаваць, не нішчыць, не бурыць,-

Тварыць!

 А. Вярцінскі

VII.   Рэфлексія

Методыка  “ Шэсць капелюшоў мыслення”

Вучні апранаюць капелюшы розных колераў, зробленых з палосак паперы, і выказваюць свае меркаванні наконт урока.

1.   Белы тып мыслення – паведаміць толькі пра факты, інфармацыю, тое, што адбылося на ўроку.

2.   Чырвоны тып мыслення- выказаць свае эмоцыі, пачуцці ад урока.

3.   Жоўты тып мыслення- аптымістычны; адзначыць, якія плюсы, станоўчыя моманты вы ўбачылі на ўроку.

4.   Чорны тып мыслення – асцярожнасць; падумаць, якія маглі быць перасцярогі.

5.   Зялёны тып мыслення – творчасць; успомніць, якія творчыя плыні, ідэі былі адлюстраваны на ўроку.

6.   Сіні тып мыслення – арганізацыя; як усё на ўроку функцыяніравала?

VIII. Дамашняе заданне

1)Напісаць сачыненне- мініяцюру на прапанаваныя тэмы:

1.   “ Якім я бачу Андрэя Лабановіча?”

2.   “ Дзеля чаго чалавек жыве на зямлі?”

3.   “ Навошта жывём?”

2) Скласці сінквейн на выбар ( не менш двух:А. Лабановіч, бабка Мар’я, Турсевіч, Саханюк, Дубейка)

 


 

Дадатак:

Ліст паспяховасці вучня

10

9

8

7

6

5

4

3

2

1

0

  Сінквейн Тэст   Аналіз Міні-сачыненне Рэфлексія

 


 

Лесвіца жыцця героя

Лабановіч

Бабка Мар’я

Турсевіч

Саханюк

Дубейка